"Круці жорны хутчэй, каб жыццё было лягчэй"

29.10.2019

29 кастрычніка ў ЦТК праходзіла пазнавальна-забаўляльная праграма "Круці жорны хутчэй, каб жыццё было лягчэй". У ёй прынялі ўдзел вучні 4-х класаў. Гаспадынькі Марыля і Ганна пазнаёмілі дзяцей з народнымі традыцыямі, звязанымі з шанаваннем хлеба. Дзеці паказалі сваё веданне прымавак і прыказак пра хлеб, а таксама даведаліся пра новыя. У форме гульні дзеці прасачылі ўсе этапы нараджэння Пана Хлеба, як яго называлі нашы продкі. Хлопчыкі і дзяўчынкі самі паспрабавалі вязаць снапы з каласкоў, прасейваць муку, ім нават давялося сваімі рукамі пакруціць жорны. А як яны здзівіліся, калі ўбачылі, што цеста для хлеба замешваецца не ў маленькай драўлянай місачцы, як яны спачатку меркавалі, а ў вялікай дзяжы! Пашанай да хлеба прасякнуты ўсе этапы яго стварэння. Перад тым, як замясіць хлеб, гаспадыня чыста апраналася, малілася. Калі хлеб рэзалі, і так здаралася, што кавалачак падаў на падлогу, чалавек падымаў яго, цалаваў і прасіў прабачэння. Застаецца спадзявацца, што сучасныя дзеці не будуць абыякавымі да традыцый нашых продкаў і будуць ставіцца да хлеба як да святыні.